Аркуш Алесь - Ён Яшчэ Вернецца (На Белорусском Языке)
Алесь Аркуш
Ён яшчэ вернецца
У сярэдзiне 1980-х я меў тры любiмыя беларускiя кнiгi: "Вандроўнiк"
Леанiда Дранько-Майсюка, "Сурма" Алега Мiнкiна i "Добры дзень, мая шыпшына"
Уладзiмiра Арлова. У той час я быў студэнтам наргасу i рабiў першыя крокi ў
лiтаратуры. Са свайго чытацкага захапленьня я не зьбiраўся ствараць таямнiцы i
паўсюль прапагандаваў любiмыя кнiгi i iх аўтараў. Прапаганду зьдзяйсьняў трыма
мэтадамi: 1) наладжваньнем калектыўных чытаньняў у студэнцкiм iнтэрнаце; 2)
арганiзацыяй сустрэчаў з маладымi пiсьменьнiкамi; 3) напiсаньнем рэцэнзiй на
любiмыя кнiгi для iнстытуцкай газэты "Экономист". Рабiць гэта было складана i
няўдзячна. Усе мае "прамацыйныя" спробы не дасягалi патрэбнага вынiку. На
сустрэчы прыходзiлi ня больш за 10-15 студэнтаў, пераважна дзяўчаты з маёй
групы, а на калектыўных чытаньнях той-сёй засынаў на другой-трэцяй старонцы.
Да таго ж, праводзячы сваю прапагандысцкую кампанiю i друкуючы свае вершы ў
iнстытуцкай газэце, я набыў сур'ёзных iдэалягiчных апанэнтаў - каманду КВЗ з
фiнансавага факультэту, якую ўзначальваў Жэня Краўцоў (будучы кiраўнiк
"Мiнсккомплексбанку" i стваральнiк тэлеперадачы "Банка комиксов"). "Краўцоўцы"
абралi мяне мiшэньню для сваiх "кавээнаўскiх" жартаў, нават стварылi адмысловы
вусны часопiс "Антикозик" (на той час Алеся Аркуша яшчэ не iснавала).
"Краўцовец" Андрэй Важнiк праз знаёмых на перадапошнiм курсе перадаў мне на
памяць свой верш пад назваю "Александру Козику (карандашный вариант)".
Зьдзiвiлi такiя радкi:
Прости за то, что был я грешен,
Прости за едкость и за злость,
Прости за то, что так небрежно
Кусал твои усищи строк.
Было гэта прабачэньнем цi чарговым жартам - засталося для мяне невядомым.
Успамiнаю гэтыя студэнцкiя гiсторыi, каб нагадаць (цi не сабе самому?) той
час, акунуцца ў яго.
На сустрэчу з чытачамi ў наргас прыходзiлi Леанiд Дранько-Майсюк (дарэчы,
ён пакiнуў тады на "Вандроўнiку" наступны аўтограф: "Дарагi Саша! Мне здаецца,
што народная гаспадарка - гэта таксама паэзiя"), Адам Глёбус, Анатоль Сыс,
Уладзiмiр Сiўчыкаў. Запрасiць Уладзiмiра Арлова не выпадала. Той жыў у далёкiм
паўночным Наваполацку. Таму я сам быў вымушаны па заканчэньнi ВНУ браць
разьмеркаваньне ў Наваполацак i ехаць да Арлова на дзьвiнскiя берагi. Жарт,
вядома. Але ў кожным жарце ёсьць калiва праўды.
У Наваполацку я засьпеў апошнiя "зорныя" гады лiтаб'яднаньня "Крынiцы",
якое пад кiраўнiцтвам Уладзiмiра Арлова працавала пры гарадзкой газэце
"Химик". Падчас навучаньня ў Менску я наведваў розныя лiтаратурныя хаўрусы,
таму магу праўдзiва засьведчыць - лепшага лiтаб'яданьня ў сталiцы не было.
Арлоў, на пасадзе "адмiнiстратара" наваполацкага лiтаратурнага жыцьця,
дэманстраваў неверагодныя здольнасьцi. Кожнае мерапрыемства, што ладзiлася пад
шыльдаю "Крынiцаў", ператваралася ў нешта значнае, важкае, аўтарытэтнае - цi
то выступ перад навучэнцамi ПТУ, цi то ўдзел у археалягiчных раскопах у
Полацку, цi то звычайнае пасяджэньне "крынiчанаў". Бадай, на кожнае
пасяджэньне прыяжджаў iншагароднi госьць, вiталi i прымалi ўсiх - ад клясыкаў
беларускай лiтаратуры (Янка Брыль, Рыгор Барадулiн) да "зялёных" пачаткоўцаў з
усiх куткоў Беларусi. Прыяжджалi таксама мастакi, рэжысэры тэатру, акторы,
навукоўцы, гiсторыкi i г.д. Карацей, культурнае жыцьцё ў горадзе бруiла
шчодрай, нястомнай крынiцай. Пашчасьцiла мне i з часам. У Наваполацак я
патрапiў у самы вясёлы, аптымiстычны i спрыяльны для творчасьцi пэрыяд -
пачатак перабудовы, калi кантроль з боку КДБ за нацыянальна-ку