Гениюш Лариса - Моладзi (На Белорусском Языке)
ЛАРЫСА ГЕНIЮШ
МОЛАДЗI
Гэй, збiрайцесь, крывiцкiя дзецi
пад народны, пад горды наш сцяг!
Воля Краю нам зоркаю свецiць,
яго шчасце - у нашых руках!
Мы за волю крывiцкiх прастораў,
мы за спадчыну нашых дзядоў
аддамо, каб насыцiўся вораг,
жыццё наша i нашую кроў.
Але Краю, што Нёман галубiць,
гэтых сэрцаў, што воляй гараць, -
ўжо не будзе арол крывадзюбы
да крывi пазурамi здзiраць!
Нам не страшны сiбiрскi больш холад,
нам не страшны маскаль або лях,
чужы серп непатрэбны, нi молат -
мы разгорнем крывiцкi наш сцяг!
Нашы сэрцы гiмн родны зайграюць!..
Адгукнецеся, сёлы, ў адказ!
Мы нясём жыццё наша для Краю,
мы нясём жыццё наша для вас!
Станем дружна ўсе брат каля брата,
абаронiм Краiну грудзьмi,
воля будзе вялiкай заплатай
за нягоды цяжкой барацьбы!
1941