Горецкий Максим - Досвiткi (На Белорусском Языке)
Максiм Гарэцкi
Досвiткi
Доўга цягнуцца зiмовыя досвiткi. За вокнамi цёмна i лютая сцюжа, а ў
сцюдзёнай хаце невясёла гарыць цямнявая лучына, нудна трынкаюць марудныя
верацёны. Да свету яшчэ далёка-далёка!
Не пяюць удосвецця песень, i маўклiвыя праллi толькi цiха думаюць свае
цiхiя досвiтныя думы.
Але бяссонны дзядуля, размачыўшы лыкi i сеўшы ў кажусе на калодачку
пасярод хаты, любiць гэтым часам развеяць сонны сум у маладых сваiмi
пераказамi аб розных прыгодах з даўняе мiнуўшчыны.
Пляце дзядуля старадаўнiя плятнi i любiць iх, як свае лапцi, а ўжо яго
старэйшы ўнук, яшчэ i не дзяцюк, а толькi ладны хлопчык, што нi ў вошта,
аднак, ставiць лапцi перад ботамi, ужо ён не можа ўцерпець - i перабiвае цiхую
стройную плынь казання i слухання. Бунтуецца яго маладое сэрца супроць
незразумелай для яго пакоры панскiх падданых.
- А каб на мяне, - кажа ён дзеду, - то ўзяў бы я добры кол, прыпiльнаваў
бы пана дзе-небудзь у зручным куточку ды так бы свiснуў яго па ўху, што ён бы
i сваiх не пазнаў! Не стаў бы другi раз сячы людзей.
- Эх, братка ты мой, братка! - усмiхаецца на ўнука дзед. - Няўжо ж ты
гэтак любiш бiцца? Цi табе, такому маладому, так казаць! Брыдка гэта -
бiцца... Але быў у нас адзiн: бывала, як яго сячы, возьме кол, стане ў кут i
не даецца. "Палезьце толькi! Першаму, кажа, растаўку мазгаўню". А потым уцячэ
ў лес i бадзяецца дзён дзесяць. Але што ж? Недзе ж яму дзецца - вернецца сам
або яго зловяць. Схопяць знянацку, звяжуць, пакладуць на ўслоне, пара людзей
сядуць на ногi, пара на галаву, а трэцяя пара з двух бакоў так адлупцуюць
беднага, што пасля яшчэ дзён колькi ляжыць ды стогне...
- Каб усе не давалiся, як ён, то не абсеклi б!
Дзед толькi засмяецца i кажа далей перарваную гiсторыю.
- А каб на мяне, - зноў замiнае дзеду ўнук, - узяў бы я карабочак сернiкаў
i добры пук саломы, выбраў бы я цёмную восенную ночку i так бы засвяцiў у
панскiм двары, што пан той i сваiх бы не пазнаў.
- Эх, братка ты мой, братка! - усмiхаецца дзядуля. - Лацвей табе цяпер
казаць, - не тое было ў даўнi час. Быў у нас гэткi адзiн. Бывала, як толькi
восень - гарыць гумно ў нашага пана. Згарэла раз, паставiў цераз год другое.
Згарэла i тое, паставiў трэцяе. А пасля прыехалi к пану казакi, сагналi ўсiх
людзей у двор, выбралi ад кожных дзесяцi сем'яў па чалавеку, разлажылi iх
голых на таку ў гумне. Прыйшоў пан, запалiў свечку ўвелькi з добрую качалку i
ну па радоўцы падсмальваць задраныя бароды, дый пытаецца: "Не ведаеш, цераз
чый грэх спалiлася гуменца ў твайго пана?" - "Ой паночку, змiлуйцеся, не
ведаю". Абышоў усiх, а ляжалi ў два рады, як снапы, - i нiхто не ведае... "Ну,
то, кажа, як вы такiя святыя, што нiхто з вас не мае грэху, - царства вам
нябеснае!" Выйшаў з казакамi за вароты, сказаў заперцi там нягрэшных i
запалiць, i гэтае гумно... Божухна-бацюхна! Пан багаты, што яму значыць
спалiць гумно (пустое, без хлеба) i страцiць сотнi дзве падданых, калi ў яго
лесу таго за колькi дзён вокам не скiнуць, а падданых не адна тысяча. Завылi
ўсе людцы, што стаялi ў вокнах, кiнулiся да пана, але не з коллем, а з
гаручымi слязьмi, каб не губiў невiнаватых. Плачуць, галосяць, поўзаюць наўкол
пана па зямлi, як ракi або чэрвi. "Запальвайце! - крычыць пан. - Мае людзi,
мой адказ!" Хацелi ўжо казакi палiць, аж крычыць з гумна адзiн: "Мой грэх!"
Выпусцiлi ўсiх, а яго звязалi, павезлi некуды скрозь ноч. Дзейкалi ў нас
людзi, што спалiў яго пан у лесе. Можа - праўда, можа - не, толькi ўжо ён
прапаў недзе навекi, нiколi не вярнуў