Библиотека в кармане -русские авторы

         

Ковыль Михаил - Ростань (На Белорусском Языке)


Мiхась Кавыль
Ростань
Памяцi Я.А.Кiр'янава прысьвячаю
Ростань
Адзьвiнелi клёны пад вакном,
Лiсьцем-медзьдзю высыпалi сьцежкi,
Вось i ростань - горкае вiно.
Пагасаюць сумныя ўсьмешкi...
Неяк сэрцу робiцца цясьней
У грудзёх у часе разьвiтаньня.
Праляцiць усё, нiбы ў сьне,
I журба i днi недаяданьня...
Толькi вечна з намi будуць жыць:
Нашай долi спады i ўзьлёты,
Родны край, расьпяты на крыжы,
I выгнаньня сум i адзiнота.
На зямлi мы толькi у гасьцях.
Скажам дзякуй ветлiваму дому.
Перад намi невядзi прасьцяг,
Заўтра едзем, толькi не дадому...
Нас памчыць гарачы паравоз
У туманы па горах i па схiлах
I нiхто ня ўронiць горкiх сьлёз
Над тваёй няведамай магiлай...
Толькi, можа скоцiцца зара,
Зашумяць вятры на разьвiтаньне.
Дык пацiсьнем рукi яшчэ раз
I памчымся ветрам на спатканьне.
I якi-б ня быў жыцьця разьбег,
Цi да сонца, цi ў прадоньне з кручы -
Паклянёмся - ў цяжкай барацьбе
Толькi сьмерць на векi нас разлучыць.
Адзьвiнелi клёны пад вакном,
Лiсьцем-медзьдзю высыпалi сьцежкi.
Вось i ростань - горкае вiно.
Пагасаюць сумныя ўсьмешкi...
Беларусь
Беларусь, мая ты кветка,
Як мне шчыра не кахаць
Жыта буйнае ў палетках
I, як мора, сенажаць...
Сад зялёны каля хаты,
Хлопца з пугай на канi...
Лес, задуманы, кашлаты
I начлежнiкаў агнi...
На балоце бусла клёкат,
Неба, соннае ад хмар...
Жураўлiны крык далёкi,
Арабiнавы пажар.
Сьнег бялюткi, як лiлея,
Жарт вячорак уначы...
Звон цымбалаў i жалеек,
Сум заручаных дзяўчын...
Усё так родна, блiзка, мiла,
Сэрца радуе, калi
Нават цёмная магiла
На тваёй сьвятой зямлi.
Не забыць начлег, палеткi,
Жарт вячорак, сенажаць...
Беларусь, мая ты кветка,
Буду век цябе кахаць.
Ой, ты, край мой
Ой, ты, край мой залаты,
Край мой васiльковы!
Над ракою чараты,
Пушчы i дубровы...
Як цымбалы, звонкi бор,
У зелянi далiны...
Срэбра рэчак i вазёр,
Вырай жураўлiны...
Пад дугою шархунцы,
Конi вараныя...
Шыр i бель ва ўсе канцы,
Песьнi маладыя...
Над ракою чараты,
Пушчы i дубровы...
Ой, ты, край мой залаты,
Край мой васiльковы!
Поле, поле...
Поле, поле... Нiвы, сенажацi -
Залаты, бязьмежны акiян...
Цi ня тут заўчора мая мацi
Пралiвала сьлёзы на бур'ян?
Цi ня тут ад сонца i да зораў
Гнулi сьпiну бацька i браты
I пяялi песьнi болi, гора?..
Поле, поле, чуеш? Гэта ты...
Не пазнаць вас, нiвы, сенажацi, -
Залаты, бязьмежны акiян...
Вырывае згорбленая мацi
Колькi раз аплаканы бур'ян.
А браты i сёстры як асiлкi:
На касiлкi - цэлыя стагi...
Што да iх жняяркi i касiлкi, -
Як касiлкi, рэжуць мурагi...
I чамусьцi косьцi ня скiголяць,
Б'ецца сэрца радасьцю маё,
Бо наўкол раскiнулася поле,
Ня чужое, ўласнае, сваё.
Салодкi сум
Завеi дум...
Салодкi сум...
I роспач iснаваньня...
Куды нi йду,
З сабой нясу
дар сьвяты - каханьне.
Ня я адзiн
Нясу яго,
Ня я адзiн, шчасьлiвы...
Зыйдзi, зыйдзi,
О, дар Багоў,
На сэрцаў чорствых нiвы!
Сьвятым агнём
Спалi жарству
Бязьлiтасьцi i злосьцi;
Засей зярнё,
Зьбяры жнiво,
Разьвей па ветру восьцi!
Завеi дум...
Салодкi сум...
I роспач iснаваньня...
Куды нi йду,
З сабой нясу
Дар сьвяты - каханьне.
Юнона
У садзе каля явару
Крапiва i трава...
Зiхцiць з крапiвы мрамарам
Багiня хараства
Юнона. Нiбы просячы
Спагады ў кагось,
Абрубкi рук узносячы
У бязьмежжа, кажа: "Вось,
Багiня, чараўнiца я...
Цары i каралi,
Як вербалозы нiцыя,
Згiбалiся, калi
У руках трымала троны я...
Што троны!? Увесь сусьвет.
А зараз мо зялёныя
Мне жабы запавет
Праквакаюць. Забытая,
Дзе сьлiўнi i вужы,
Аплёвана, разьб





Содержание раздела