Библиотека в кармане -русские авторы

         

Колас Якуб - У Чым Iх Сiла (На Белорусском Языке)


Якуб Колас
У чым iх сiла
I
Можа, гэта быў i не той верабейчык, што прасiў былiнку, каб яго
пакалыхала. Але з пэўнасцю можна сказаць, што на былiнцы ён калыхаўся. Каб я
ведаў вераб'iныя iмёны, то даў бы яму самае прыгожае з iх. Але пра вераб'iныя
iмёны нiчога не чуваць, i ў календары яны не значацца. Дык будзем называць яго
проста: Верабейка-Калыханчык.
Усё гэта адбывалася ў вёсцы. Тут былi такiя будынкi: хаты з чырвонымi
комiнамi, клунi, хлевушкi, свiронкi i прыгрэбнiкi з нiзенькiмi, да самае
зямлi, стрэхамi. Двары былi прасторныя i вясёлыя. Каля хат раслi кучаравыя
вiшанькi; былi тут iгрушы i яблынi. З аднаго боку стаяў цёмны лес. У лесе жылi
звяры i драпежныя птушкi: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Выходзiў часамi з
лесу воўк i выглядаў, цi не ходзяць парасяты або другая жыўнасць. Наляталi
таксама i каршуны, каб забраць бедную курыцу цi якую-небудзь птушку. А птаства
тут было многа: былi тут вераб'i, ластавачкi, плiсачкi, галубы, качкi i iншыя.
Верабейка-Калыханчык знайшоў сабе жонку, таксама з славутай вераб'iнай
фамiлii. I сталi яны ўдваiх будаваць сабе хатку. Аблюбавалi яны вельмi добрае
месца, i не дзе-небудзь, а пад страхою гаспадарскага дома. Тут было i зацiшна
i цёпла. Адным словам, такая прыўдалая шчылiна, што рэдка якому вераб'ю
здаралася такая ўдача. Калыханчык насiў саломку, сухiя карэньчыкi пырнiку i
наогул матэрыял болей цяжкi, бо ён жа быў мужчына. Яго жонка рабiла работу
болей лёгкую i болей далiкатную: яна падбiрала пер'е.
Яе нават быў напалохаў раз певень, моцна напалохаў. Вераб'iха нацiкавала
сабе белую курыную пярыну i ўзяла яе ў дзюбку. А гарлан певень крыкнуў грозна:
- Куды? Куды?
Вераб'iха ад страху выранiла пярынку i адляцела досыць далёка. Певень
апамятаўся, вiдаць, пашкадаваў вераб'iху i ўжо ласкава прагаварыў да яе:
- Бяры! Бяры!
Некаторы час на двары не вiдаць было вераб'iхi. Думалi, што яна, можа, з
пярэпалаху захварэла. Калыханчык быў надта заклапочаны ў гэты час. Але
аказалася, што вераб'iха сядзела проста на гняздзе пад страхою, а потым
прайшла чутка, што ў Калыханчыка ёсць дзецi, цэлых пяць штук.
Ну i рад жа быў Калыханчык! Кармiў сваiх дзетак, пазiраў на iх, цешыўся
iмi. Калi дзецi трохi падраслi i пачалi шчабятаць, бацькi селi на страсе каля
свае хаты. Яны адчувалi сябе шчаслiвымi: дзецi iх раслi, гадавалiся, дужэлi i
былi разумныя. Сярод iх былi тры хлопчыкi i дзве дзяўчынкi. Называлiся
хлопчыкi так: Чы-Лiн, Чын i Чук, а дзяўчаткi - Чуча i Жычка.
II
У Калыханчыка i яго жонкi былi не толькi радасцi, - быў у iх i клопат, i
трывога. Iх дзецi сталi падрастаць i ўваходзiць у сiлу. Iм ужо было цесна ў
бацькавай хаце, iм хацелася на свет, на прастор, на волю. Таксама хацелася i
сiлу сваiх крылляў папрабаваць. Асаблiва неспакойным, жывым i праворным быў
Чы-Лiн. Але на гэтым прасторы было многа небяспекi. Нядаўна сюды залятаў
ястраб. Ён чуць-чуць не злавiў ластавачкi i не задраў курачкi. I толькi
храбрасць пеўня Цiпа выратавала няшчасных, бо Цiп у час крыкнуў так моцна, што
на яго крык выбегла гаспадыня i прагнала драпежнiка.
Параiўшыся з жонкаю, Калыханчык падляцеў да гнязда i сказаў:
- Дзецi, дзецi! Цiха сядзiце! З хаты не вылазiць, калi нас няма, а то
пахапае вас ястраб.
- Няхай толькi папрабуе! - адказаў бацьку Чы-Лiн.
Калыханчык засмяяўся ад радасцi, што мае такога смелага сына. Ён пацалаваў
яго ў самую дзюбку i маланкаю памчаўся ў каноплi. Застаўшыся дома, Чы-Лiн
нядоўга сядзеў спакойна. Ён далёка высунуў з гнязда галаву.
- Хачу ляцець! Хачу ляцець!





Содержание раздела